Мир поэзии Поиск книг    О проекте    Обратная связь    Размещение рекламы

Шэкспір Уільям
«Санэты»

Главная страница / Шэкспір Уільям «Санэты»

17







Паверыць хто ў наступным часе мне,


Калі цябе ў сваім праслаўлю вершы?


Само жыццё схавана у труне,


А верш ці можа за жыццё быць лепшым?




Каб я спрамог малюнак даць красы,


Даць вобраз твой з усёю пекнатою,


Наступны век сказаў бы: «Во хлусы!


На небе можа толькі быць такое!»




І як смяяліся б тады яны


З мяне і з аркуша рудой паперы.


Для іх старыя ўсе — балбатуны,


Якія хлусяць без ніякай меры.




Але каб сын твой быў дасюль жывым,


Ты б двойчы жыў: у вершы раз і ў ім.








18







Я з летнім днём цябе не параўнаю,


Мілей, вышэй ты хараством сваім.


Суровы вецер крышыць кветкі мая,


І лета борзда коціцца за ім.




То з неба Вока паліць нас зацята,


То знікне так, што не відаць нідзе.


Прыгожага бывае малавата,


Дзе выпадковасць нашы дні вядзе.




Тваё ж не зменіцца ніколі лета,


І смерць не зможа пахваліцца тым,


Што ты забраны назусім са свету:


Знайшоў бяссмерце ў вершы ты маім.




Ты будзеш жыць, аж покуль будуць людзі,


І будуць вочы бачыць, дыхаць грудзі.




Назад  

стр.76

  Вперед
Наши спонсоры:
Назад  

стр.76

  Вперед